Выставочный зал

 

   

    …Прызнаюся шчыра, гэты радок з песні не даваў мне аднойчы спакою цэлы дзень, таму, што аніяк не мог суаднесці ўзвышана-ўзнёслы рэчытатыў, якім, здаецца, Лешчанка, выпяваў слова «Р-о-одина» з бабульчынай хатай у Слуцку, якую заўсёды прыгадваю, калі думаю пра Радзіму

    …Бабульчына хата такая ўтульная, такая родная… Там добра пахне сухімі ігрушамі, толькі што зробленым сырам, дымам з вялізнай печы, на якой я люблю гойсаць на дзедавым кажуху, прапітаным непаўторным водарам аўчыны і самасаду.

Я ведаю - у гэтай хаце мяне ўсе любяць, я адзіны ўнучак, мне ўсё даруюць, я магу рабіць тут усё, што заўгодна…

Мне знаёмы ў ёй кожны куток у пакоях, на прыстрэшшы… Ведаю кожны шоргат, які даходзіць да мяне скрозь танюткую, дзіцячую, ранішнюю, салодкую дрымоту…

…Чую ціхі шэпт, лёгкае пастукванне – бабулька моліцца, кладучы зямныя паклоны… Зараз пачую, як яна шчэпле трэскі, вось зашумеў агонь у печы, нешта зашкварчэла на патэльні – самы час саскочыць з гарачай верхатуры на падлогу і тыцнуўшыся носам пад бабульчыну руку, даведацца, які ласунак гатуецца мне на сняданне…

…Бачу, як праз шчылінкі ў дахе прабіваюцца танюткія сонечныя лучыкі, у якіх мільгацяць вясёлкавыя пылінкі – гэта я схаваўся ад бабулі на гарышчы, дзе ляжыць сена, такое мяккае, такое духмянае… Лазіць на гарышча мне нельга, але дзе там за мной угледзіш… Тым больш, што я ведаю – зараз бабуля прыйдзе даіць, зацвіркаюць, спачатку звонка, аб бляшанку, потым больш глуха, аб малако, вясёлыя струменчыкі…    Бабуля дазволіць мне напіцца малака, проста тут у хлеве, з вядра, нагбом, напіцца ад пуза, колькі ўлезе…

…У дзедавай майстроўні патыхае скурай, воскам, дратвай… У вуснах у яго тырчыць вечная цыгарка, якой аднойчы ён дазволіў мне зацягнуцца, потым да трыццаці год больш не хацелася…   I яшчэ ў яго поўны рот маленькіх драўляных цвічкоў, якія ён з аднога ўдару заганяе ў падэшву – дзед найпершы ў Слуцку шавец, праўда і найпершы піток, славуты тым, што прапіў боты ў самога маршала Жукава…

Гэтыя дзіцячыя ўспаміны ніяк не суадносіліся з той «Ро-о-диной», пра якую была песня… Розумам дасведчанага, дарослага чалавека, я разумеў пра што яны спяваюць – цяплыня і ўтульнасць дзіцячых успамінаў пярэчылі гэтаму разуменню…

Цяпер, калі ў мяне двое дарослых дзяцей, ад якіх чакаю ўнукаў, ды ячшэ адна маленькая дачушка – уцяміў – Радзіма, гэта бабульчына хата з яе шоргатамі, водарам, таямніцамі… Гэтая хата не патрабуе ад мяне, каб я «… прежде помнил  о ней, а потом о себе», таму што мы з ёй непарыўная цэласнасць – яна – гэта я і наадварот…

Бабульчына хата нічога ад мяне не патрабуе, нічога не адбірае, толькі песціць, саграе, жывіць душу – гэта і ёсць Маці-Радзіма, таму хто яе пакрыўдзіць магу і гарляк парваць…

А тое, пра што ў песні – не  Радзіма – дзяржава, якая кожнага падмінае, давіць кожнага, ад кожнага нешта патрабуе, прыгадвае пра нейкія запазычаннасці, якія мы ёй быццам бы вінныя,  і якія нас змушаюць плаціць усё жыццё… Iншы раз сваёй крывёй, альбо крывёй сваіх дзяцей…

Гэткі ненажэрны Малох!

Чаму так адбылося, калі?.. Навошта цёплае, утульнае, роднае, хатняе паняцце Радзімы штукары-«кідалы» падмянілі ў нашай свядомасці нечым жорсткім, халодным, цяжкім як айсберг?..

Усялякая таталітарная сістэма можа існаваць толькі тады, калі складаецца не з асобаў, не з індывідумаў, якімі цяжка кіраваць, якія здольны выкідваць самыя нечаканыя фартэлі, а з добра прыгнаных адно да другога жалязякаў – вінцікаў, шпунцікаў, шурупаў, цвікоў…

Зрабіць з чалавека дэталь, якая будзе выконваць сваю ролю ў нейкай вялізнай машыне можна толькі пазбавіўшы яго памяці, пазбавіушы Радзімы, пазбавіўшы маці, дзяцей, сям?і…

Трэба іх у чалавека адабраць!

А замест падсунуць дзяржаву, упэўніць, што гэта і ёсць Маці-Радзіма і, спекулюючы на святым паняцці, патрабаваць ахвяраў, ахвяраў, ахвяраў…

Хіба ж маці патрабуе ахвяраў ад сваёй крывіначкі?..

Свайго жыцця дзеля яе не пашкадуе!..

А ад нас увесь час патрабавалі некуды ісці, нешта рабіць…

I ішлі…

Руйнаваць бацькаву хату, веру ў Збавіцеля, культуру, мову, спрадвечны лад жыцця…

Кідалі на алтар Малоха мільёны жыцяў, паілі ненажэру крывёй… Рэкамі, морамі, акіянамі крыві…

Неяк у Маскве, падчас прэм?еры фільма «Боль», бадай што першага з савецкіх фільмаў, дзе напоўны голас было сказана пра афганскую трагедыю, вядомы генерал, адбіваючыся ад насядаўшых на яго людзей, не стрываў, кінуў у залу:

-         Маці – гэта не ўвесь народ!..

Пад народам ён разумеў дзяржаву і быў абсалютна правы, бо Маці і дзяржава рэчы несумесныя…

Мне скажуць - людзі не прыдумалі анічога замест дзяржавы, каб жыць разам…

Так!...

Але за тысячагоддзі сваёй гісторыі людзі прыдумалі і тое, як абмежаваць ненажэрныя амбіцыі дзяржавы. Колькі памылак яны нарабілі, колькі крыві пралілі, сваёй і чужой,  пакуль зразумелі як загнаць у стойла і заклізаць гэтага Мінатаўра.

Найлепшыя разумнікі роду чалавечага ламалі галовы над гэтым, прыдумлялі закавырыстыя словы і тэрміны – манархія, алігархія, ахлакратыя, дэмакратыя…

Не прэтэндуючы на ролю разумніка, сам для сябе, я таксама зрабіў некаторыя высновы – і вось што  ў мяне атрымалася…

Каб дзяржава існавала і не перашкаджала людзям жыць, трэба дамовіцца пра два пастулаты:

1.     Дзяржава не павінна гандляваць каўбасой.

2.     Першыя асобы павіннны спыняцца на чырвонае святло светафору.

Не спяшайцеся рагатаць…

Калі я кажу, што дзяржава не павінна гандляваць каўбасамі – то маю на ўвазе, што яна  не павінна араць глебу, сеяць хлеб, вырошчваць свіней, рабіць, машыны, якія потым будуць рабіць каўбасы, ну, і, натуральна, гандляваць тымі каўбасамі… Мы гэта здольныя зрабіць лепей за дзяржаву.

Калі першыя асобы спыняюцца на чырвонае святло – значыцца яны паважаюць правілы руху, а калі паважаюць правілы руху – значыцца паважаюць і астатнія законы.

I, зноў такі, не спяшайцеся рагатаць – на свае вочы бачыў як картэж Гельмута Коля, з паліцыянтамі на матацыклах, з рознымі свісцёлкамі і круцёлкамі на дахах мэрседэсаў спыніўся  перад светафорам, перачакаў пакуль я, ашалелы, перайшоў вуліцу, і, потым, на зялёнае святло, з візгатам і бліскаценнем рушыў далей з хуткасцю 40 кіламетраў на гадзіну (хуткасць у тым раёне была абмежаваная)…

Не трэба фетышызаваць дзяржаву, бо, ў рэшце рэшт, яна ні што іншае як грамадскі інстытут, пра існаванне  якога мы дамовіліся паміж сабой і якому плацім падаткі, за тое, што ахоўвае нашае жыццё, годнасць, маёмасць…

Усё!

Ні на што большае дзяржава не вартая, нічога больш яна рабіць добра не ўмее, ничога больш мы ёй не даручалі, нічога больш ад яе і чакаць нельга…

Але, як і кожны грамадскі інстытут, дзяржава хоча адхапіць жырнейшую лусту – таму разумнікі прыдумалі парляманты, альбо, па нашаму, соймы, асноўная задача якіх не выдумляць законы, усе законы даўно выдуманыя, а сачыць за тым, як дзяржава распараджаецца нашымі грашыма, сачыць за выкананнем бюджэту, за тым, каб нашыя кроўныя не ішлі налева. Калі ж той-сёй паспрабуе гэта зрабіць, сойму даецца права адправіць тых, хто ўвасабляе дзяржаўную ўладу ў адстаўку…

Не здарма ж ва ўсім свеце гавораць:

-         Няма прадстаўніцтва – няма падаткаў!..

Што азначае – калі, абраныя намі прадстаўнікі ў парляманце (сойме) не маюць магчымасці сачыць за тым, як трацяцца нашыя грошы – дык фігу вам а не падаткі…

Дзіўна, што гэтага не разумеем менавіта мы – беларусы – народ, які распрацаваў і прыняў на сваім Сойме першую ў свеце Канстытуцыю – «Статут Вялікага Княства Літоўскага», краіны дзе здавён існавала канстытуцыйная манархія, дзе каралёў абіралі на Соймах…

Кажуць, што царом звяроў прызначыў сябе сам чалавек…

Прызначыў, бо не знайшлося нікога запярэчыць… Альбо ніхто не схацеў…Не прывабіла пасада… Хай дурань цешыцца…

Здаецца мне – Радзімай - «дзяржава» таксама прызначыла сябе сама, каб лепей нас аблавухіх дурыць…

Я хачу, каб маёй Радзімай была бабульчына хата, мой родны Мінск, тая зямля па якой я зрабіў першыя крокі, а потым абыйшоў усю ўздоўж і ўпоперак, зямля якую я люблю, народам якой – ганаруся!..

А «дзяржава» павінна стаяць заклізаная ў стойле…

 

 

                                                                           Алег Белавусаў