…Памятаю, як мама вучыла мяне саджаць дрэвы…
Трэба было выкапаць вялізную яму, на дно насыпаць чорнае зямлі з гноем, беражна паставіць у яе саджанец, распрастаць карэньчыкі, акуратна прысыпаць іх той самай зямлёю з гноем, потым засыпаць выкапанай, прытаптаць і паліць не шкадуючы вады…
Амаль усё я рабіў, як яна вучыла, але не кожнае дрэўца ў мяне прымалася, многія часта хварэлі…
У мамы такога ніколі не здаралася – яе саджанцы, бы цвічкі, убітыя ў падэшву спрактыкаваным шаўцом, прымаліся адразу і без аніякіх праблемаў.
Я думаў, што ў мамы - «зялёныя рукі»…
Потым, назіраючы за ёй, зразумеў – справа ў тым, як яна абыходзіцца з карэньчыкамі…
Распрастваючы іх, яна ніводзін не пашкодзіла, ніводнаму не зрабіла балюча, кожны пяшчотна прыгладжвала і прысыпала не рыдлёўкай, а рукой, старанна размінаючы глебу…
Уся справа ў каранях!..
Хто з нас ведае пра свае карані?!..
Хто здольны прасачыць родавод хаця б да трэцяга калена?!..
Упершыню тата расказаў мне пра сваіх бацькоў калі я вучыўся на трэцім курсе Ўніверсітэту.
Ён атрымаў нейкія грошы, купіў пляшку каньяку, цукерак, мандарынаў, а мама ў той дзень раптоўна засталася дзяжурыць у клініцы… Сястра легла спаць, і мы з татам, упершыню, як двое дарослых мужыкоў, прытуліліся на кухні ля той пляшкі ды й праседзелі ўсю ноч…
…І ён расказаў мне пра дзеда…
Расказаў, як у 30 звялі ў дзеда Кірылы двух коней, забралі калёсы, хату, а самога саслалі некуды ў Сібір, як дзед збег з этапу і прыйшоў да хаты, паплакаў ноч над дачушкамі - Кацяй ды Машай, а раніцай за ім прыйшлі і, дабавіўшы тэрміну, адаслалі зноў…
Ён збег другі раз.
Яго ўжо чакалі – ведалі не пабяжыць нікуды, прыбрыдзе да дзяцей…
Так і здарылася… Святыя людзі чакісты, далі дзеду паплакаць над дзеткамі да раніцы, не сталі забіраць з вечару…
Ён збег і трэці раз, але да хаты ўжо не дабраўся, ці-то з куляй сустрэўся, ці-то ваўкі ў тайзе згрызлі, ці-то змерз…
Згінуў дзед…
Расказаў тата і пра тое, як пасадзілі бабулю, потым цёцю Кацю, потым у 35 прыйшла і татава чарга – яго студэнта Акадэміі мастацтваў затварылі на Поўначы аж да 41 року, бадай да самага пачатку вайны…
З мамай сваёй тата так і не сустрэўся, пасля лагеру адразу пайшоў на фронт, замальваць грахі перад ДЕРЖАВОЙ, а на прыканцы вайны памерла бабуля не дачакаўшыся сына з фронту…
Толькі ў тую ноч зразумеў я чаму ў сакавіку 53, калі раўлі ўсе гудкі па бацьку ўсіх народаў, а людзі застылі на вуліцы нерухома, бы чорныя свечкі, тата з мамай, трымаючыся за рукі, глядзелі адзін на аднога і ледзь усміхаліся…
Тады гэтая ўсмешка мяне вельмі ўразіла і напалохала…
Я думаў…
- Як гэта?!.. Правадыр памёр, а тата з мамай усміхаюцца…
Прыходзіла ў галаву нават такое:
- Можа яны скрытыя ворагі народу… Можа трэба пра іх расказаць настаўніцы…
Хапіла розуму не балбытаць, але сэнс той усмешкі зрабіўся зразумелы толькі праз дзесяць год…
І ўсе гэтыя гады тата маўчаў…
У маёй цяперашняй жонкі Улады продак па бацьку быу адзначаны падчас абароны Севастопалю, яго імя і цяпер выбіта ў Георгіеўскай зале ў Крамлі – бабкі і прабабкі былі смалянкамі – ды згінулі ўсе акрамя малодшай у завірухах грамадзянскай ды Айчыннай войнаў…
У сям?і не засталося ніводнай паперы, ніводнага здымку – усё было знішчана, спалена – так бераглі дзяцей ад свайго лёсу…
Нас пазбавілі не толькі гістарычнай памяці пра лёс свайго народу, пазбавілі радзіннай памяці пра продкаў, пра дзядоў, прадзедаў…
У быдла не павінна быць продкаў…
У быдла не павінна быць любові да дзяцей…
Не павінна быць у яго і сям?і…
Тата ніколі і нікому не дазваляў мяне крыўдзіць…
Ніколі не падняў на мяне руку – я ўжо не кажу пра сястру – на ёй для яго ўвесь свет сышоўся…
Памятаю, неяк яго выклікалі ў школу, хлопец я быў маторны і даволі шкадлівы…
Ня ведаю, што там за працу з ім праводзілі ў настаўніцкай, але памятаю, як з чырвонымі плямамі на твары выляталі адтуль спачатку завуч, потым дырэктар…
Больш тату ў школу не выклікалі ніколі…
Калі вучыўся на першым курсе факультэта журналістыкі сітуацыя была больш складаная…
Я пісаў вершы і хадзіў у літаб?яднанне пры «Знамени юности». Раптам выклікалі ў камітэт камсамола – што за вершы ты пішаш?..
Дзіця горкае – я шчыра пачаў чытаць ім вершы, яны ж узбудзілі асабовую справу – мне наканавана было выключэнне з камсамолу і з Універсітэту, тату цягалі па партыйных райкамах…
Ішоў 1961…
Але даносы, як заўжды пры бальшавіках, былі ў вялікай пашане. Данос на мяне – у вершах, маўляў, праяўляю антысавецкія пачуцці – напісаў у камітэт камсамолу кіраўнік літаб?яднання, паэт…
Тату прымушалі пакаяцца ў дрэнным выхаванні, прызнаць памылкі…
Ён гэтага не зрабіў…
Знайшоў іншае выйсце – усе астатнія гады майго навучання ва Ўніверсітэце я любаваўся барэльефным партрэтам Леніна, што вісеў над сцэнай у актавай зале галоўнага корпусу – коштам, які тата сплаціў за працяг маёй адукацыі…
Так што хабары бальшавікі паважалі заўсёды, як і даносы…
Навошта я распавядаю ўсе гэтыя сямейныя гісторыі?..
Менавіта таму, што яны сямейныя…
У цяжкія гады, у гады неверагоднага ціску ўладаў на чалавека, адзінае на што ён можа абаперціся, дзе можа знайсці паразуменне і дапамогу – сям?я – супольнасць людзей, змацаваных крэўнымі сувязямі.
Разарваць гэтыя сувязі, атруціць сям?ю смяротнымі ідэалагічнымі ін?екцыямі – адна з галоўных мэтаў бальшавіцкіх і нэа-бальшавіцкіх уладаў…
Прыгадайце героя-піянера Паўліка Марозава, прыгадайце паседжанні парткамаў дзе разбіраліся асабістыя справы…
І ўсё гэтае паскудства, між іншым, праводзілася пад лёзунгамі барацьбы за маральную чысціню…
Здаецца ўжо на пятым курсе, Герой Савецкага Саюзу, рэктар партыйнай школы Кажар, чытаў нам курс партыйнага будаўніцтва і, як прыклад барацьбы за чысціню партыйгных шэрагаў, распавёў гісторыю аднаго са студэнтаў партшколы – маладога, таленавітага хлопца, у якога былі выдатныя кар?ерныя перспектывы…
За два дні да абароны дыплома ён прыйшоў у родны парткам і заявіў, што міжволі «падмануў» партыю, не адлюстраваўшы ў анкетах, што яго жонка падчас акупацыі супрацоўнічала з СД…
Падчас акупацыі яго жонцы было адзінадцать год і ў СД яна мыла падлогу, каб не памерці з голаду самой і неяк падтрымаць хворую маці…
Хлопец, што намыліўся ў наменклатурныя шэрагі, маўляў, пра гэты факт з біяграфіі жонкі няведаў, а даведаўшыся пабег дакладаць у парткам…
Аўдыторыя заціхла…
Нехта з нас, сцятым голасам спытаў:
- І, што з ім адбылося надалей?..
Кажар з замілаваннем давёў:
- Парткам праявіў гуманнасць, мы не выключылі яго з партыі, далі магчымасць абараніць дыплом, нават не прымусілі развесціся… Зрабілі гэта таму, што ён шчыра пакаяўся перад партыяй… Але, натуральна, на партыйнай рабоце выкарыстаць мы яго не маглі, ён атрымаў размеркаванне на працу ў савецкія органы…
Герой Савецкага Саюзу, бадай што да скону свайго так і не зразумеў, з якой нагоды літаральна ўзвыла аўдыторыя…
А я праз дзесяцігоддзі думаю пра таго хлопца, які пайшоў даносіць на жонку…
Як пражыў ён жыццё з гэткай душэўнай траўмаю, як глядзеў у вочы жонцы, ці не перасякаўся ў яго голас, калі распавядаў дзецям пра чэсць, сумленне, праўду?..
Можа заліваў душэўны боль гарэлкай, напіваючыся ў самоце?..
Але, не выключаю і іншага развіцця сцэнару – магчыма, што ён ганарыўся сваёй «прынцыповасцю», лічыў, што так і павінен паступіць сапраўдны камуніст, моўчкі пакутваў са сваёй не склаўшайся кар?еры і ціха ненавідзеў сваю ні ў чым не вінаватую жонку…
Ці ж не прыдатна такое развіццё сюжэту для «сапраўднага камуніста» ?…
Для камуніста – магчыма…
А для мужчыны?..
Бацькі?..
Кал я ажаніў сына і выдаў замуж дачку, заўважыў змены, што адбыліся ў характарах маіх дзяцей…
Мне падабаецца разважлівасць і грунтоўнасць, якія з?явіліся ў Дзяніса…
З замілаваннем гляджу на тое, як Люба, зазіраючы яшчэ ў тую, мікаянаўскую, выдадзеную ў 50-х, кулінарную кнігу, гатуе мужу сняданне…
Я з заміраннем душэўных чакаў унукаў…
Якімі яны будуць, мае нашчадкі?..
Цяпер гляджу на iх: Цiмоха, Мацея ды Кiрылу i думаю -
Кім яны стануць?..
Будуць мастакамі, як шмат хто з нашага роду, а м?о паэтамі, як мроілася пра мяне тату, альбо лекарамі, юрыстамі…
Ці садаводамі з “зялёнымі рукамі”, як у маёй мамы…
Якая ў рэшце рэшт розніца!..
Я хачу – каб яны знайшлі сваё месца ў кроне нашага родаводу, каб хоць крыху былі падобныя на майго тату, маму, дзядоў Кірылу, дый Спірыдона, бабуляў Улляну і Марыю…
Я хачу распавесці ім тое, што ведаю пра наш род…
Хачу, каб не згубілі яны памяць пра продкаў ў снежных завірухах жыцця…
Хачу, каб у іх былі карані…
Алег Белавусаў
Выставочный зал
