…Кажуць – хлеб усяму галава…
Але ж, хлеб не бярэцца з паветра – ён расце на зямлі… Таму, відаць, больш слушным будзе сказаць, што галоўнае ў чалавечым побыце, усё ж такі – Зямля…
Зямля – карміцелька!..
Зямля – матухна!..
…Пагамонім пра зямлю…
Сам я ніколі зямлі не меў. Не мелі яе і мае бацкі. Мяркую, што мелі дзяды… Адзін – Кірыла – якога я ніколі не бачыў – яго раскулачылі на Украіне, а загінуў ён недзе ў Сібіры; другі – Спірыдон – нечакана, напрыканцы 20-х, з?явіўся з сям?ёй у Слуцку, пераехаўшы туды з вёскі Варкавічы, пра жыццё у якой не надта любіў прыгадваць.
Дзед Спірыдон быў шаўцом і, здаралася, запіваў… Па чорнаму… Адчувалася, што піў ён не ад разбэшчанасці ці дурасці, а ад нейкай глыбока прытоенай у душы бяды…
Падазраю, што бяда ў абодвух маіх дзядоў была аднолькавая і імя ёй – Зямля…
У Расейскай імперыі, нават пасля адмены прыгоннага права, мужыкі зямлёй не валодалі – валодала абшчына. Чым кіраваўся цар-вызваліцель, калі прымаў такое рашэнне – хай разбіраюцца спецыялісты, але зразумела, што абшчына была тым самым калгасам, толькі крыху інакш афарбаваным. Той, даўнейшы мужык, таксама як і наш даўнейшы калгаснік - не маючы пашпарту не вольны быў ні з?ехаць з зямлі, ні кінуць яе, ні прадаць… Меў толькі адно права – гарбаціцца на той зямельцы ад нараджэння да скону…
Ці любіў ён тую «карміцельку»?..
Рэвалюцыянеры-рэфарматары з розных «народных воляў» ды «чорных перадзелаў» скурай адчувалі, што не надта – таму ў сваіх праграмах і не абяцалі аддаць зямлю мужыку – ведалі – не возьме… Таму і выдумлялі розныя глупствы наконт таго, што абшчына парастак сацыялізму на вёсцы, які проста-роўна вывядзе мужыка да светлай будучыні…
Кошт гэтай лухце добра разумеў Сталыпін, таму ў закаркі гнаў мужыка з абшчыны на хутар, у фермеры… Дапамагаў будавацца, даваў крэдыты (цікава было б даведацца, на якіх умовах?).
Перад Сталыпіным – відаць найвялікшым з расейскіх рэфарматараў – стаяла грандыёзная задача – капіталізацыя Iмперыі. Ён разумеў – калі не ўвесці зямлю ў абарот таварна-грошавых адносін, калі не пераўтварыць мужыка ў суб?екта гэтых самых адносін – нічога ў яго не атрымаецца…
Магло б атрымацца, але…
Ці-то рэвалюцыянер-правакатар, ці-то агент ахранкі куляй паставў кропку ў гэтым пачынанні.
Галоўнае – яны знюхаліся – манархісты і сацыялисты… Ні першыя, ні другія не жадалі падпускаць закарэлага прагматыка, мужыка да стырна ўлады…
Ці ж прагаласаваў бы ён за вайну?..
Ці ж падтрымаў бы рэвалюцыю?..
Зямля праляцела над мужыком, як фанера над Парыжам…
Усяго-нічога павалодаў мужык зямлёй пры «роднай» рабоча-сялянскай уладзе – з 22 па 27 гады…
Ці паспеў палюбіць ён зямлю за адну пяцігодку?..
Не ўпэўнены…
Трывалым, працяглым і пладаносным можа быць толькі каханне па ўзаемнай згодзе – калі цябе абрабаваную і збітую гвалцяць – нежаданыя дзеці могуць атрымацца толькі вырадкамі.
Мужыку – разбэшчанаму вайной дазволілі рабаваць і гвалціць…
Яго падбухторвалі на гэта, прымушалі…
I ён пайшоў…
Пайшоў адбіраць зямлю ў тых, хто ёю валодаў па праве… (Халява, сэр…)
Мяркую, што тэрор супраць царквы, які бальшавікі пад той час распачалі, у немалой ступені быў выкліканы менавіта тым, што недарэкі-папы з усіх амвонаў лямантавалі…
- Нельга рабаваць!..
- Не Божая справа – гвалціць!..
- Не пабудаваць шчасця на чужой бядзе і крыві…
Вырэзалі папоў, каб не лямантавалі…
Неабходна было бальшавікам забрудзіць мужыка крывёю, зрабіць падзельнікам сваіх злачынстваў…
Неабходна – каб у час, калі прыйдзе пара садраць скуру з мужыка не меў бы ён права наракаць на драпежніцтва…
- Змоўч!.. Кляты забойца!.. Рабуем табой жа нарабаванае!..
I пацягнуліся бясконцыя этапы з мужыкамі на Усход і Поўнач…
Вярнулася абшчына – калгас…
Жудасную цану выдаткаваў мужык за вопыт прыватызацыі зямлі па бальшавіцкі…
Крывёю, жыццямі дзяцей заплаціў…
У геннай памяці запісаны гэты вопыт.
Таму, калі сённяшнія неашчадкі бальшавікоў, а менавіта яны як былі пры ўладзе, так і цяпер пры ёй, лісліва спакушаюць…
- Ці не хочаш, мужычок, зямліцы?..
У адказ можна пачуць толькі…
- Цур, мяне!.. Цур!..
- Бачыце… Не жадае мужычок…
- Видаць, дурны…
- Сапраўды, дурны…
- Альбо, лайдак…
- Так-так… Лайдак!..
А ён і не дурань, і не лайдак… Ён запалоханы да сутаргаў…
I любіць зямлю няздольны – бо «любілку» адрэзалі… Таму колькі не пытайце, колькі рэферэндумаў не наладжвайце – адказ будзе адзіны…
- НЕ ЖАД-А-А-Ю-Ю!..
Хваробу гэтую неяк лячыць, усё ж такі трэба… Бо, інакш усе перамрэм з галадухі… Тое, што калгасы нас не накормяць – зразумелі ўжо нават дэбілы… Начальства, якое абяцае усіх накарміць («…Наша первоочередная задача – накормить народ»), відаць, нават за дэбілаў нас не трымае…
Трэба ратавацца самім!
Перш за ўсё трэба правесці складанейшую аперацыю з вобласці геннай інжынерыі – выдаліць пачуццё страху.
Зрабіць гэта магчыма толькі адзіным спосабам – вярнуць закон.
Я не абмовіўся – не прыняць, не выдаць – менавіта вярнуць!..
Усе тыя законы аб зямлі, што былі прыняты пасля 17 года, альбо будуць прыняты цяпер, мужык не ўспрыме як Законы. Iх было шмат і грунтаваліся яны на беззаконным, рабаўніцкім падмурку. Селянін паверыць і прыме толькі той Закон, які вернецца, той, па якім зямля належала чалавеку да 17 года.
Трэба вярнуць нарабаванае былым уладарам. Гэта будзе знакавым актам. Актам справядлівасці, усеагульнага пакаяння, актам, які абвесціць пра тое, што Закон вярнуўся.
Многіх з тых уладароў няма. Шмат хто з іх нашчадкаў забыўся пра бацькаўшчыну, не мае папер, якія пра яе сведчаць – трэба ім дапамагчы адшукаць іх у архівах.
I няхай яны самі распарадзяцца сваёй маёмасцю як схочуць – хто пачне адраджаць родную зямельку, хто здасць у арэнду, прадасць, прап?е…
Хай сабе!..
У людзей знікне з ілба каінава пячатка… Душа ад граха ачысціцца…
Думаеце бязглуздзіца?..
Асабіста ведаю з тузін прыяцеляў, што захоўваюць паперы на зямлю, якая належала продкам. Прама і ўскосна пацвярджае гэтую тэзу і Анатоль Казловіч у сваіх выдатных хроніках пра беларуса паміж небам і зямлёй. Пацвярджае яе і вопыт суседзяў – літоўцаў, латышоў, эстонцаў, палякаў, чэхаў, венграў – якія гэтую справу зрабілі і сёння не маюць праблемаў з тым каб накарміць народ…
Там усё пастаўлена з галавы на ногі – земляробы і земляўладальнікі кормяць і рабочых, і паэтаў, і начальства, а не наадварот…
Пацвярджае гэта, між іншым і вопыт Расеі, дзе за дзесяць гадоў «перабудовы» старыя і нэа-бальшавікі зямлю былым уладарам так і не вярнулі і, дзе з тае самае прычыны, як і мы - ядуць не сваё, а замежнае…
Кажуць, калі зямлю прадаваць, дык яе скупяць бандыты…
Вось і цудоўна – м?о бандытстваваць кінуць, пачнуць бульбу саджаць…
А, калі без жартаў – па-першае, навошта тым бандытам зямля, па-другое, што ж гэта за ўлада, якая апрыёры распісваецца ў сваім няўменні даць рады з тымі бандытамі?..
I толькі пасля таго, як аперацыя будзе скончана і зямля вернецца да гаспадара, трэба заняцца тэрапіяй у шырокім спектры – ад ландшафтнай да мануальнай - нанова вучыць людзей уменню любіць, жадаць, радавацца – тым натуральным чалавечым пачуццям, якія былі выдраныя з мясам падчас бясконцых і бесчалавечных бальшавіцкіх эксперыментаў.
Трэба дапамагаць у гэтай вучобе – тлумачыць, распавядаць, паказваць кіно, чытаць вершы – м?о тады і дзядзька Міхал з «Новай зямлі» не будзе выглядаць таккім прыдуркам, якім прадстаўлялі яго нам нашыя выкладчыкі ў шостым класе.
Натуральна – як мы й прызвычаіліся – лячэнне і адукацыя павінны быць бясплатнымі…
Гэта значыць – НЕЛЬГА:
-драць з хворага скуру - (падаткі) аж пакуль не ачуняе;
-лекі - (крэдыты) выдаваць задарма (беспрацэнтныя), як інвалідам;
-інвалідныя каляскі - (сельгастэхніку) прадаваць з адтэрміноўкай, альбо аддаваць у лізінг;
-не навязваць уступленне ў розныя таварыствы ананімных алкаголікаў - (кааператывы), няхай самі даспяваюць – інакш марны труд;
-размаўляць з хворым толькі ціха і ласкава, а лепей увогуле памаўчаць, хай усцешыцца цішынёй, ён па ёй знудзіўся;
-не мяняць курс працэдураў, аж да поўнага выздараўлення хворага, нават тады, калі чарговы галоўны лекар будзе прапаноўваць нешта лепшае і больш сучаснае.
Толькі пасля гэтага можна праводзіць рэферэндумы і галасаванні па пытаннях зямлі, бо, калі я дакладна памятаю, і ў адной, і ў другой дзеючых на нашых абшарах Канстытуцыях запісана, што прымаць удзел у выбарах могуць людзі здаровыя на галаву…
Сапрауды, ці ж можна адкрываць выбарчыя ўчасткі у дурдоме і прымушаць хворых людзей шэрагамі шпацыраваць да выбарчых скрыняў пад наглядам нядобрых і напоўп?яных санітараў…
…Я хачу, калі небудзь, яшчэ пры жыцці - выбрацца на хутар да пакуль незнаёмага мне дзядзькі Міхала, схадзіць з ім у лазню, папарыцца як мага быць, потым сесці за стол, на якім будзе і хлеб, і скварка, і гурочкі з груздочкамі, будуць скварчэць патэльні з яечняй, каўбасамі «пальцам пханымі», крывянкай з грэчкай, мачанкай з блінцамі, будуць стаяць талеркі са шчупаком «па жыдоўску», кумпяком, вяндлінай, дзічынай, рабчыкамі запечанымі з ананасамі і, канечне – бульбай – жоўтай, разварыстай, духмянай…
Я буду зусім не супраць, калі той, пакуль невядомы мне ўладар зямлі, дзязька Міхал - паставіць на стол слоік празрыстага, сапраўднага, хлебнага напою і мы прымем з ім кілішак-другі – у добрым кумпанстве, ды пад такую закусь, ды пасля лазні – грэх ня выпіць…
А потым, калі сонца схаваецца за Міхалавым лесам, мроіцца мне, мы будзем сядзець з ім на ганку і чытаць адзін адному вершы – ён мне свае, я яму свае…
Алег Белавусаў
Выставочный зал
